Варта было развязваць дыпламатычную вайну толькі з-за аднаго чалавека, Казуліна?


Намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дэвід Меркель даў інтэрв’ю Еўрарадыё, дзе расказаў, што пытанне пра закрыццё амбасады ў Мінску яшчэ не вырашанае. Таксама ў інтэрв'ю спадар Меркель разважае, ці можна назваць беларуска-амерыканскія адносіны дыпламатычнай вайной, наколькі правамернае ўмяшальніцтва ЗША ва ўнутраныя справы Беларусі, ды гаворыць аб правах чалавека ў нашай краіне.

 

- Спадар Меркель, што вы думаеце наконт аб’яўлення персонамі non grata 10 супрацоўнікаў амерыканскай амбасады?

 

- Беларускае рашэнне аб’явіць нашых дыпламатаў персонамі non grata - гэта, канешне, неапраўданае рашэнне. Мы абмяркоўваем крокі ў адказ на гэта, цэлы шэраг крокаў. Гэта тое, што мы думаем зараз. Але рашэнне мы яшчэ не аб’явілі. Аднак прычыны, па якіх штат нашай амбасады з сярэдзіны сакавіка скараціўся з трыццаці дыпламатаў да чатырох пасля 3 траўня, - гэта нашая бескампрамісная падтрымка правоў чалавека і патрабаванне вызваліць палітвязняў, а таксама нашая крытыка дзеянняў дзяржавы.

 

 

- Як будзе амбасада працаваць зараз? Будзе дапамагаць толькі грамадзянам ЗША, ці беларусам таксама?

 

- Гэта, відавочна, будзе цяжка з такой малой колькасцю дыпламатаў. Нашая праца па выдачы візаў будзе прыпыненая. 4 чалавекі проста не будуць у стане гэта рабіць. І на нашым сайце ёсць інфармацыя, дзе беларусы змогуць атрымаць візы. Таксама мы працягнем аказваць тэрміновыя паслугі грамадзянам ЗША. Мы цяпер проста спрабуем урэгуляваць нашую працу і вырашыць, як мы адкажам на гэтыя нежаданыя крокі з боку ўладаў Беларусі.

 

- На сайце амбасады напісана, што візы беларусам зараз будзе выдаваць пасольства ў Варшаве. Аднак для таго, каб нам патрапіць у Польшчу, трэба мець шэнгенскую візу. Ці абмяркоўвалі вы гэта з Міністэрствам замежных справаў Польшчы?

 

- Слухайце, гэта тое, што зрабіла беларуская ўлада. Я думаю, пра гэта варта паразмаўляць з ёй.

 

- Вы думаеце, варта было развязваць дыпламатычную вайну толькі з-за аднаго чалавека, Казуліна?

 

- Я не магу назваць гэта дыпламатычнай вайной. Мы хацелі паляпшаць адносіны з Беларуссю. Беларуская ўлада згадзілася вызваліць усіх палітвязняў і палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Але яны гэтага не зрабілі, хаця ведалі, што гэта можа прадухіліць санкцыі…

 

- Добра. Але ўсё ж такі, як вы назавяце нашыя адносіны зараз?

 

- Яны дрэнныя. Яны дзіўныя. Тое, што зрабіла беларуская ўлада, вельмі ўскладніла сітуацыю супрацоўніцтва.

 

- Як вы думаеце, чаму для Беларусі настолькі прынцыпова - не адпусціць Казуліна?

 

- Відавочна, прычынаў я не ведаю. Але гэта недапушчальна, што яго пасадзілі на пяць з паловай год за арганізацыю дэманстрацыі, пасыл якой быў такі ж, як і ў міжнароднай супольнасці, - што прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаванымі, несвабоднымі. Таму я думаю, што ўлады там проста хвалююцца і баяцца выпускаць Казуліна.

 

- А чаму ЗША так часта становяцца на варце правоў чалавека ў свеце?

 

- Ну, мы з годнасцю выступаем за правы чалавека. Ёсць міжнародная канвенцыя. І гэта тое, што мы ўспрымаем усур’ёз. І я думаю, што нашая бескампрамісная падтрымка правоў чалавека і крытыка дзеянняў улад, калі яны ігнаруюць правы чалавека, заслугоўвае вялікага гонару.

 

- Дзе, на вашую думку, заканчваецца абарона правоў чалавека і пачынаецца ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны?

 

- Ёсць міжнародная канвенцыя, пад якой падпісаліся краіны, у тым ліку і Беларусь. І тое, што мы робім, цалкам адкрыта. Мы падтрымліваем імкненне беларусаў да свабоды. Дык чаму тады мы не павінны падтрымліваць унутраныя імкненні беларусаў?

 

Еўрапейскае радыё

Наша солидарность